Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 6 человек

Аб нашай школе ў "Настаўніцкая газета" №136 ад 01.12.2020

Дата: 1 декабря 2020 в 13:39, Обновлено 11 декабря 2020 в 16:59
488 просмотров

Праблема суіцыду як ніколі востра стаіць у нашым грамадстве. Што штурхае людзей да такога страшнага кроку, як звядзенне рахункаў з жыццём? Напэўна, прычыны кожнага выпадку трэба разглядаць асобна. Але ёсць некалькі момантаў, што прысутнічаюць, напэўна, амаль у кожным выпадку здзейсненага суіцыду: адсутнасць побач чалавека, які змог бы своечасова выслухаць, зразумець, прыняць і проста фізічна не дапусціць гэтага, і страта веры ў станоўчыя зменыва ўласным жыцці.

На жаль, сярод так званых суіцыдэнтаў вялікі працэнт падлеткаў і маладых лю­дзей. Яшчэ не пакаштаваўшы жыцця на смак як мае быць, яны прыходзяць да высновы, што ў ім няма нічога цікавага, абнадзейлівага, што яно поўнае праблем, ­адзіноты, страхаў…

На псіхолагаў, што працу­юць у адукацыі, ускладзены вялікія спадзяванні ў пытаннях прафілактыкі суіцыдальных паводзін падрастаючага пакалення. Вядома, гэтыя спецыялісты валодаюць пэўным багажом метадаў і прыёмаў, з дапамогай якіх можна вызначыць ступень схільнасці чалавека да самагубства, аказаць неабходную дапамогу і прадухіліць жахлівы крок. Варта адзначыць, што работа гэтая вельмі тонкая і далікатная, бо чалавек, які стаіць на парозе жыцця і смерці, можа праяўляць абыякавасць да ўсяго, што адбываецца вакол яго, і да ўсяго, што яго акружае, і можа быць празмерна адчувальным да любога кроку ў яго бок. Залішняя ўвага таксама можа быць небяспечнай.

Мы б хацелі падзяліцца сваім вопытам прафілактыкі суіцыдаў. Асноўная мэта нашай работы ў гэтым кірунку — садзейнічаць фарміраванню пазітыўнага мыслення (адносін да жыцця) ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Нядаўна ў сярэдняй школе № 37 Гродна традыцыйна прайшлі мерапрыемствы ў рамках месячніка па прафілактыцы суіцыдальных паводзін “Тваё жыццё — у тваіх руках”. У школе адбыліся акцыі, класныя гадзіны, заняткі, конкурсы і іншыя займальныя мерапрыемствы, падпарадкаваныя адной ідэі “Я — ЗА ЖЫЦЦЁ! Далучайся!”.

На этапе падрыхтоўкі месячніка быў распрацаваны банер, адным з сімвалаў якога сталі блакітныя кветкі льну, што ўпрыгожваюць сучасны герб Беларусі і з’яўляюцца сімвалам сям’і, дабра і дастатку.

На адным з мерапрыемстваў дзеці разам з педагогам-псіхолагам Аленай Станіславаўнай Барташ, склаўшы па кавалачках летнія ўспаміны і выявіўшы бязмежны палёт фантазіі, стварылі творчы праект “Летні пірог”. “Атрымалася “смачна”, “ён пахне шчасцем”, — гаварылі хлопчыкі і дзяўчынкі. Паспрабуйце і вы “закансерваваць” лета, як садавіну і агародніну, і ваша лета застанецца з вамі назаўсёды. І тады абавязкова прыйдзе думка: восень і зіма таксама прыгожыя. Чакаем і ад іх яркіх фарбаў.

Незабыўнымі сталі сустрэчы з педагогам-псіхолагам для навучэнцаў у паралелі 2-х класаў. На класнай гадзіне “Падарожжа з расінкай” другакласнікі даведаліся пра таямніцу кругавароту вады, дзівіліся велічы прыроды, якая запускае жыццёвыя цыклы, дзяліліся сваімі перажываннямі на вечныя тэмы. “Так, усе паміра­юць. Але так радасна назі­раць кожны дзень, адчуваць кожны смак, гуляць з сябрамі... Жыццё — гэта падарунак”, — да такой высновы прыйшлі дзеці.

Педагог-псіхолаг Ірына Валер’еўна Аўгусціновіч правяла з навучэнцамі 8 “Б” класа заняткі з элементамі трэнінгу “Жыццё выдатнае”. Дэвізам заняткаў было “Настрой — выдатны, радасць — бязмежная!”. Таксама прайшлі заняткі з элементамі трэнінгу з навучэнцамі іншых класаў школы. Заняткі адбыліся  ў форме актыўнага дыялогу, падчас якога дзеці прадстаўлялі свае жыццёвыя дэвізы, разглядалі некаторыя цяжкія жыццёвыя сітуацыі і спрабавалі навучыцца іх вырашаць.

Хлопчыкі і дзяўчынкі 3 класа сабраліся разам на дзіўным аранжавым свяце “Мы дарылі апельсін”, на якім атрымлівалі асалоду ад добрага настрою, дарылі адно аднаму апельсін — сімвал дружбы, гаварылі кампліменты аднакласнікам. Аранжавы настрой — гэта не проста словазлучэнне, гэта стыль і падыход да жыцця. А яшчэ ў паралелі 3-х класаў прайшлі заняткі псіхолага з элементамі арт-тэрапіі. Дзеці з захапленнем малявалі на тэму “Да чаго падобны настрой”.

Цікава прайшлі заняткі ў пяцікласнікаў. Школьнікі асэнсоўвалі спачатку кожны свой вопыт, а потым у групавой рабоце стваралі “Рэцэпт шчасця”. Вось якія рэкамендацыі атрымаліся: гуляць кожны дзень, выконваць рэжым дня, мець больш зносін з сябрамі, клапаціцца пра жывёлу, даглядаць расліны, дапамагаць іншым людзям. Ну і галоўнае — прымаць сябе. Тоўстага, худога, высокага, маленькага... Любога!

У марафоне мерапрыемстваў сацыяльныя педагогі Андрэй Міхайлавіч Валчкоў і Юлія Аляксееўна Дзюбіна правялі вучэбны семінар для педагогаў “Адказныя паводзіны настаўнікаў у сетцы”. Педагогі-псіхолагі распрацавалі і распаўсюдзілі памяткі сярод педагогаў і бацькоў “Маркеры суіцыдальнай рызыкі. Прафілактыка суіцыдальнай рызыкі ў непаўналетніх”.

Але, напэўна, самым незабыўным для навучэнцаў стаў дзень аптымістычнага матыватара “Блакiтны = пазітыўны Я!”. У гэты дзень дзецям і педагогам рэкамендавалася прыходзіць у школу ў адзенні блакітнага колеру. На працягу дня працавала фотазона “На пазітыве ў аб’ектыве”, прайшлі акцыя “Льняное поле пазітыву” і дынамічны флэш-моб “Ты і я — разам мы сям’я” і многае іншае. На занятках “Мне ёсць за што падзякаваць кожнаму чалавеку ў сваім жыцці” гаварылі пра тое, як важна ведаць людзям, з якімі вы маеце зносіны, што вы рады, што яны ёсць у вашым жыцці. І гэта неабавязкова гаварыць непасрэдна. Гэта можа быць выказана ўчынкам, падарункам, добрым намерам у іх бок, дапамогай або клопатам.

Сустракайце кожны новы дзень з усмешкай, любіце тое, чым займаецеся, і займайцеся тым, што любіце!

Вольга ЧАРАПАНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 37 Гродна.
Фота аўтара.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.